Беларускім геям хочуць забараніць працаваць з дзецьмі

Лілія Кашанкова: На маю думку, гомасэксуалісты ўяўляюць пэўную небяспеку на агульнага жыцця навакольных.

Як вызначыць пры прыёме на працу, гомасэксуаліст чалавек ці не, дэпутатка не ведае, але ўпэўненая што ў працоўным калектыве, асабліва сярод дзяцей, асаблівасці гомасэксуалаў бачныя.

Лідзія Кашанкова: Вы ж паглядзіце на тэлеперадачы! Вельмі часта праслізгваюць моманты, калі чалавек нетрадыцыйнай арыентацыі праяўляў інтарэс да дзяцей. І гэта па тэлебачанні, адкрытым тэкстам!

Што рабіць з працай бісэксуалаў, Лілія Кашанкова не ведае, бо «не надта ўдавалася ў гэтыя пытанні». Галоўную небяспеку ў працы ў педагагічным калектыве людзей нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі дэпутатка бачыць у тым, што з іх боку могуць быць сэксуальныя дамаганні.

Актывістка гомасэксуальнага руху, журналістка Юлія Міцкевіч ўпэўненая, што падобныя захады прывядуць толькі да таго, што геі будуць яшчэ больш хаваць сваю сэксуальную арыентацыю.

Юлія Міцкевіч: “Калі чалавек, ідучы на працу, будзе дакладна ведаць, што яго за гэта не прымуць на працу, то натуральна, ён будзе прыхоўваць сваю арыентацыю ўсякім чынам. Гэты закон можа прывесці толькі да аднаго, што гомасэксуалы будуць яшчэ больш хавацца і множыць гамафобію”.

Тут узнікае натуральнае пытанне, як пры прыёме на працу вызначыць — гомасэксуал чалавек ці не? Вядома ж, ніхто не захоча, каб яго не бралі на працу толькі з-за сэксуальнай арыентацыі. А ў нас людзі і без таго хаваюць свае сэксуальныя прыхільнасці. Гаворыць Юлія Мацкевіч:

Юлія Міцкевіч: “Падобны закон можна ўводзіць у краіне, дзе геі звыкліся рабіць крымінал, казаць адкрыта пра сваю арыентацыю. У нас такога няма. У нас адзінкі людзей, якія могуць аб гэтым адкрыта казаць з-за страху быць прыніжанымі і абражанымі”.

Сапраўды, да прыкладу, кіраўніцтва Таццяны Пракопчык не ведае пра яе нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю. Таццяна працуе выхавацелькай ў адным са сталічных дзіцячых садкоў. Яна кажа, што ні дзецям, ні кіраўніцтву не трэба ведаць пра яе сэксуальную арыентацыю, бо яна ніяк не ўплывае на яе як выхавацельку.

Таццяна Пракопчык: “Мяне ўсе заўсёды лічаць нейкай ненармальнай. Я вельмі сябрую з дзецьмі. Я з імі на роўных, як з сябрамі, як з аднагодкамі. Магу з імі поўзаць, гуляць. Мне заўсёды кажуць, што ў мяне дзяцінства ў попе, што ў мяне няма гэтай паважнасці, жаноцкасці, а я як дзіцё ўсё ў гульні з дзецьмі”.

У пэўным сэнсе, адсутнасць жаноцкасці ў выхавацеля — гэта плюс яго адносінах з дзецьмі, лічыць Таццяна і даказвае гэта прыкладам.

Таццяна Пракопчык: “Усе гэтыя чапурыстыя, важныя “васпеткі” з доўгімі пазногцямі, нафарбаванымі вейкамі, у абцасах гэтага не робяць. А я, з-за таго, што менш часу марную на свой знешні выгляд, а больш часу на тое, каб дзесьці палазіць, пагуляць, то гэта, канечне, для дзяцей плюс”.

Нягледзячы на тое, што прапанова вельмі дзіўная і наўрад ці мае шанец быць узаконенай, Юлія Міцкевіч лічыць, што ў нашай краіне магчыма ўсё.

Юлія Міцкевіч: “З улікам таго, якія законы ў нас увогуле прымаюцца ў Беларусі, я думаю, у нас магчыма ўсё. Можа, і такі закон з’явіцца ў Беларусі”.

Зрэшты, у розных краінах па-рознаму ставяцца да людзей з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй. У Іране, да прыкладу, дагэтуль існуе смяротнае пакаранне за гомасэксуальныя стасункі. А ў Беларусі пакуль няма ніводнага гамафобнага артыкулу ў заканадаўстве. Хаця ў той жа час і антыдыскрымінацыйнага закону няма.

Запись опубликована в рубрике Общество. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий