"Жывая Вясна 2012" пачынаецца: першы белы бусел прыляцеў у Беларусь!

Вясна ідзе, прырода ажывае ад зімняга сну! Птушкі вяртаюцца з выраю, тыя, што зімавалі тут, адлятаюць на поўнач, некаторыя транзітам перасякаюць нашу краіну. Для ўсіх аматараў птушак і прыроды ў Беларусі праходзіць штогадовая агульнаеўрапейская кампанія “Жывая Вясна”. Вы можаце прыняць у ёй актыўны ўдзел і запрасіць сваіх родных і сяброў.

Пасланкамі вясны выбраны 5 птушак – белы бусел, вясковая ластаўка, звычайная зязюля, чорны свіргуль і шчурка-пчалаедка. Першыя чатыры птушкі знаёмыя амаль кожнаму чалавеку. Шчурка-пчалаедка – птушка рэдкая, пабачыць яе не так проста, але для сапраўдных аматараў назіранняў за прыродай гэта стане чарговай цікавай місіяй.

Першы белы бусел быў заўважаны 12 сакавіка ў горадзе Маларыта (Брэсцкая вобласць). З буслоў і пачынаецца "Жывая Вясна 2012"!

Жадаеце прыняць удзел? Калі вы ўпершыню ў гэтым годзе ўбачылі белага бусла, вясковую ластаўку, звычайную зязюлю, чорнага свіргуля або шчурку-пчалаедку, запамінайце колькасць і месца назірання і заходзьце на сайт "Жывой Вясны". Там вы зможаце змясціць свае назіранні і пабачыць, колькі людзей ужо гэта зрабілі.

У 2011 годзе з Беларусі паступіла больш 4000 назіранняў, па іх колькасці наша краіна была на чацвёртым месцы сярод 30 еўрапейскіх краін. Гэта сведчыць аб тым, што жыхары Беларусі любяць прыроду і з ахвотай назіраюць за вясеннім прылётам птушак.

Далучайцеся да Жывой Вясны разам з птушкамі!

Даведка АПБ:

Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" — гэта буйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі, якая працуе ў сферы аховы біяразнастайнасці і экалагічнай адукацыі. Арганізацыя налічвае больш за 3500 сябраў, звыш 130 школьных клубаў і 14 аддзяленняў у розных рэгіёнах краіны.

Белы бусел – белый аист
Вясковая ластаўка – деревенская ласточка
Чорны свіргуль – черный стриж
Звычайная зязюля – обыкновенная кукушка
Шчурка-пчалаедка – золотистая щурка

*спампаваць фотаздымкі птушак і паслухаць іх галасы можна на сайце www.springalive.net.

Запись опубликована в рубрике Калейдоскоп. Добавьте в закладки постоянную ссылку.

Добавить комментарий